Нашумелы крэдыт на куплю кватэр у новабудоўлях пад 1% нельга будзе датэрмінова пагашаць першыя пяць гадоў.

Фота: Lookby.Media
Беларусбанк ужо ўнёс удакладненні ва ўмовы іпатэчнай праграмы, піша Office Life.
Крэдыт з’явіўся ў пачатку жніўня, а ўжо 21 жніўня ў сацыяльных сетках з’явілася інфармацыя пра новыя нюансы праграмы.
Як сказана на сайце банка, «датэрміновае пагашэнне ажыццяўляецца без абмежаванняў, за выключэннем крэдыту «Іпатэка з намі» (грэйс-перыяд 24 месяцы), па якім права на датэрміновае пагашэнне крэдыту прадастаўляецца толькі пасля заканчэння 60 месяцаў з даты заключэння крэдытнага дагавора».
— Змены ўступілі ў сілу з сённяшняга дня, — расказалі Office Life ў Беларусбанку. — На працягу 60 месяцаў гэты крэдыт нельга будзе датэрмінова пагашаць. Гэта датычыцца ўсіх забудоўшчыкаў.
У банку таксама ўдакладнілі, што гэтыя ўмовы па іпатэцы пад 1% дзейнічаюць для новых дагавораў, якія заключаюцца. Для тых, хто ўжо паспеў іх заключыць, застануцца ранейшыя ўмовы.
Такім чынам, пагашаць суперкрэдыт цяпер будуць наступным чынам: у першы год трэба плаціць толькі працэнты па крэдыце, затым пачынаецца пагашэнне асноўнага доўгу, і ўвесь гэты час будзе дзейнічаць стаўка 1% гадавых. Пасля гэтага пачне дзейнічаць асноўная стаўка — стаўка рэфінансавання плюс 6,15 п.п. (цяпер гэта 15,4%). І толькі праз тры гады выплат па поўнай стаўцы можна будзе датэрмінова пагасіць крэдыт.
Раней журналісты разлічвалі прыкладныя плацяжы па суперкрэдыце пры куплі кватэр у розных забудоўшчыкаў. Напрыклад, плацяжы па крэдыце на 50% кошту аднапакаёвай кватэры ў раёне $120 тыс. складуць: з 1‑га па 12‑ы месяц — 151 рубель, з 13‑га па 24‑ы месяц — 875 рублёў, з 25‑га па 239‑ы месяц — 2363 рублі. Каб такі крэдыт ухвалілі, заробак павінен быць не менш за 3,8 тыс. рублёў.
Як удакладнілі ў Беларусбанку, зваротаў па гэты крэдыт цяпер шмат. Як доўга будзе дзейнічаць гэтая праграма, пакуль невядома.

